Смак роднай мовы

21 лютага - Міжнародны Дзень роднай мовы

На працягу 9 гадоў кожны народ 21 лютага адзначае Дзень роднай мовы. Першапачаткова з такой ініцыятывай выступіў Бангладэш. Менавіта ў гэтай краіне 21 лютага 1957 года загінулі пяць студэнтаў, якія адстойвалі права навучацца на роднай мове.

     Зараз у нашым рознакаляровым і рознагалосым свеце налічваецца больш за шэсць тысяч моваў. Палова з іх пад пагрозай знікнення. Дзеля захавання моў, якія апынуліся на парозе знікнення, міжнародны фонд UNESCO абвясціў дзень роднай мовы — каб хоць у такі дзень на іх загаварылі, пра іх успомнілі.

     Родная мова шмат не патрабуе. Але калі ўжо назваў яе роднай, калі лічыш яе такой для сябе — павінен жа быць перад ёй хоць нейкі абавязак. Ці хоць часам пра яе думаць. Калі хоць палова з тых сямідзесяці чатырох працэнтаў, якія падчас апошняга перапісу назвалі роднай мовай беларускую, падумае аб яе лёсе — значыць, не ўсё яшчэ страчана. Хоць адзін дзень. Калі будзе яе афіцыйнае міжнароднае свята.

     Калі ты чуеш яе — ці то сучасную літаратурную, ці змешаную "трасянку", або мясцовую дыялектную — ведай, што гэта ўсё яна — наша беларуская мова. Не адварочвайся, а прымі яе, бо яе месца ў тваёй краіне. Нашы бацькі, дзяды і прадзеды нямала зрабілі, каб беларуская мова была прызнаная як роўная сярод іншых моў свету.

      Дык не дай  загінуць ёй, жывой і непаўторнай, “з легендаў і казак” сатканай, “вобразнай, вольнай, пявучай”,  цудоўнай роднай мове.

свернуть

Вучымся роднай мове разам!

Паважаныя бацькі, дапамажыце нам далучыць дзяцей да роднай, беларускай мовы! Давайце разам падумаем, як захапіць дзіця, каб яму захацелася вывучыць родную мову.

Хтось, магчыма, не вывучаў мову ў школе ці не карыстаецца ёю ў жыцці, пакуль ведае абмежаваную колькасць слоў, але ж хоча узбагаціць слоўнікавы запас і зацікавіць астатніх. Дзесь ці ж трэба пачынаць!

Напрыклад, пачніце з прывітання ці развітання па-беларуску. 

Да ўніверсальных вітанняў належаць: вітаю, прывітанне, здрастуйце, добрага здаровейка. Ці вітальныя выразы ў дачыненні да часу: добрай(-ае) раніцы,   дабранак, добры дзень (дзянёк), добры вечар (вечарок), добрай ночы (ночкі). 

Формы развітання: да пабачэння, да сустрэчы, да скорага, шчасліва заставацца, заставайцеся здаровыя, бывайце здаровыя, шчаслівай дарогі або лёгкай дарогі.

Ветлівасць

Ветлівымі словамі дарослыя і дзеці карыстаюцца амаль штодня. Давайце праверым свае веды і пакажам прыклад ветлівых паводзін дзецям:

Дзякуем

Сардэчна дзякую! Я ўдзячны (удзячна) Вам! Дзякуй за дапамогу! Дзякуй за ўсё!

Просім прабачэння

Прабачце, калі ласка! Я прашу прабачэння! Вельмі шкадую, што нарабіў Вам клопату. Не сярдуйце, так атрымалася. Даруйце, мне вельмі непрыемна.

Радуемся

Вельмі добра! Цудоўна! Выдатна! Вось здорава! Якое шчасце! Вось гэта навіна! Мне вельмі прыемна! Я задаволены (задаволена)! Вы мяне ўзрадавалі! Мне гэта даспадобы! Гэта самая шчаслівая хвіліна ў маім жыцці! Я вельмі рады (рада)!

Жадаем

Жадаю шчасця! Каб Вы здаровы былі і радаваліся! Хай Вас Бог беражэ! Хай Вам шчасціць! Хай будуць здаровы Вашы родныя! Расці дужы (дужая) ды вялікі (вялікая)! Хай здзейсняцца ўсе спадзяванні! Бывайце здаровы, жывіце багата! Добрай дарогі! Хай усё будзе добра! Хай Вам лёс не здрадзіць!

Імёны

Для бацькоў імя сына ці дачкі — самае пяшчотнае і мілагучнае. Кожнае дзіця любіць, каб да яго звярталіся неяк асабліва. Камусьці падабаюцца памяншальныя ласкавыя формы імя, камусьці — толькі поўныя. Дзецям будзе цікава на некалькі хвілін акунуцца ў мінулае нашай краіны і даведацца, якія імёны існавалі раней.

свернуть

Беларускія сайты, якія дапамогуць далучыць дзяцей да багацця роднай мовы

Паважаныя  бацькі!

Прапануем Вам беларускія сайты, якія дапамогуць далучыць дзяцей да багацця роднай мовы, сфарміраваць каштоўнасныя адносіны да яе.

 

Народныя казкі для дзетак ад ЮНІСЕФ

Праект «Народныя казкі для дзетак» — iнiцыятыва ЮНIСЕФ у Беларусі. Там вы знойдзеце многа цудоўных казак и гульняў для вашых дзетак на беларускай мове.

http://kazki.unicef.by/

 

"Вясёлка"  - часопiс для дзяцей i iх бацькоў 

http://www.veselka.by/

 

"Буся" - чытанка-маляванка для дашкольнікаў

http://www.veselka.by/?page_id=4543

свернуть